|
2012 – Год КнігіВыстава мастацкіх работ Васіля Шаранговіча з фондаўДзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Васіль Пятровіч Шаранговіч – прызнаны майстар кніжнай графікі. На пачатку сваёй творчасці ён шмат увагі надаваў паэмам Янкі Купалы: было створана многа станковых лістоў па матывах купалаўскай паэзіі, праілюстраваны кнігі, вершы песняра. У сталым веку мастак звярнуў увагу на творчасць Якуба Коласа, абгрунтоўваючы гэта тым, што “...на сконе жыцця адчуваеш настальгію па дзяцінстве. І гэта падштурхоўвае вярнуцца да яго ў душы, у думках, у творчасці”.
У мінулым годзе фонды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа папоўніліся пяццю новымі работамі таленавітага мастака з серыі ілюстрацый да паэмы “Новая зямля”. Энцыклапедыя сялянскага жыцця Якуба Коласа – паэма “Новая зямля” – з часу свайго стварэння прайшла вялікі шлях, які нельга назваць гладкім, але ацэнена яна была як пры жыцці песняра, так і яго нашчадкамі. Гэты твор можа пахваліцца колькасцю сваіх перавыданняў і перакладаў на іншыя мовы. Некаторыя з іх – як сучасныя, так і тыя, якія ўбачылі свет пры жыцці Якуба Коласа, – прадстаўлены на выставе. Вылучаецца сярод іх падарункавае выданне на трох мовах: беларускай, рускай і польскай, якое выйшла з друку ў юбілейным 2002 годзе ў серыі сусветна знакамітых раманаў у вершах. Менавіта гэтае выданне, ажыццёўленае Беларускім фондам культуры, аздоблена 91 ілюстрацыяй народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.
Над стварэннем ілюстрацый такога энцыклапедычнага твора мастак працаваў паўтара гады. Выбраная ім тэхніка класічнай акварэлі не самая лёгкая ў выкананні, не дапускае паправак і патрабуе працы смелай і напрацаванай рукі. Але, са слоў мастака, “…Якуб Колас прымушае знайсці мастакоўскі ход: як паказаць спалучанасць чалавека і прыроды, як апець зямлю, а над ёй неба і зоркі, пра што так любіць разважаць паэт, і вялікую цягу чалавека да прасторы і ў той жа час да сокаў зямлі, якія даюць права чалавеку на існаванне”. Сярод жывапісных сродкаў акварэль – самы празрысты матэрыял. Яна нібы “прасвечвае” патаемныя глыбіні паэзіі Якуба Коласа, дазваляе заглянуць праз час.
Працы Васіля Шаранговіча вылучаюцца разуменнем стылістыкі коласаўскай мовы, пашанай да герояў, любоўю да роднага краю і займаюць пачэснае месца ў гісторыі нацыянальнага выяўленчага мастацтва.
Выстава працуе да 8 лютага 2012 г. ўсе навiны
|
||
|
|||
|
||||||||


Карта сайта